САКАЛІ́ШЧАНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — чэрв. 1942 на базе Сакалішчанскага знішчальнага атрада на тэр. Віцебскай вобл. Налічвала 10 груп (49 чал., арганізатары і кіраўнікі П.​А.​Куксёнак, Л.​А.​Папкоўскі); у вёсках Аляксееўцы і Пярэкі (кіраўнік І.​Р.​Конышаў), Боркавічы (І.​Р.​Каваленка), Буракова (Я.​П.​Кураш), Залессе (С.​Р.​Казачонак) Дрысенскага, вёсках Дубініна (В.​В.​Гушчанка), Латышова (П.​А.​Саўчанка), Лунёва (П.​С.​Шчадроў), Сакалішча (Л.​Ф.​Гатоўскі), Царкавішча (цяпер Кульнёва, тут знаходзіўся штаб падполля; Ф.​А.​Кухаронак) Расонскага і в. Кацельна (П.​М.​Казлоў) Полацкага р-наў. Мела сувязь з Расонскім патрыятычным падполлем, партыз. 1-й і 2-й Дрысенскімі брыгадамі, спец. атрадам «Баявы». Падпольшчыкі праводзілі агітработу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і звесткі Саўінфармбюро, збіралі зброю, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. У барацьбе з ням. фашыстамі загінула 19 чал. У в. Боркавічы Верхнядзвінскага р-на падпольшчыкам пастаўлены помнік.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)